Ответить на комментарий

Сон мамы: "ЛЮДАЕД СТАЛІН НЕЎЗАБАВЕ ПАМРЭ..."

Андрэй Караленка

Сон мамы: “ЛЮДАЕД СТАЛІН НЕЎЗАБАВЕ ПАМРЭ…”

iчы.Мама.RV_.1_0.jpg Мама ўмела разгадваць сны…
Але не ўсё, што прадказвалі ёй сны (па яе разгадках), станавілася яўным. Ды яна звяртала ўвагу толькі на такія сны, якія прадказвалі дабро або зло, вялікую турботу, клопат: незразумелыя не запаміналіся. Пры прадказанні непрыемнаці ці бяды мама тлумачыла, што калі такі сон не спраўдзіць у першай палове дня, але не далей, як пачынае вечарЭць, то можна болей не турбавацца: зло спазнілася або заблудзілася і прайшло міма: зло -- пад уладаю дурных людзей і д’ябала, вось і спяшаецца, каб не спазніцца, не ўпусціць свой шанц, таму часта блудзіць.
А калі сон прадказваў добрую падзею, радасную навіну, то мама лічыла, што на такі сон не трэба губляць надзеі нават заўтра і паслязаўтра: дабро не спяшаецца, бо яно заўсёды прыемнае, нават калі яго ўжо не чакаюць, не спадзяюцца, што яно магчыма: дабро робяць разумныя і спакойныя людзі – ад Бога.

Мінула болей 60 гадоў, а я помню ТРЫ прадказанні маміных сноў, якія сталі рэальнасцю.
Адзін з іх – пра хуткую смерць Сталіна.

Помню, я і сястра не пайшлі ў школу: была нядзеля. Сёння паглядзеў каляндар: 1 сакавіка.
Раніцаю, калі селі снедаць, мама кажа:
“Дзеці, я бачыла харошы сон: улада Сталіна скора скончыцца – людаед неўзабаве памрэ…”
Сталін памёр 5 сакавіка, а паведамілі 6-га, у пятніцу.
Вось як доўга ішла ПРАЗ СОН да мамы радасная вестка.

IMG_0824.RV1_.jpg
Малюнак Алексея Остаева на 4-й старонцы вокладкі невядомага часопіса.

Прадмова ПЕРШАЯ
Мама ненавідзела бальшавікоў-камуністаў і называла іх зладзеямі, махлярамі-абманшчыкамі, рабаўнікамі, п’яніцамі і ўвогуле вылюдкамі, нелюдзямі-людаедамі, якія пажыраюць людзей. Яны аднялі зямлю ў працавітых, руплівых сялян і падзялілі паміж такімі ж, як самі, гультаямі, лайдакамі і п’яніцамі, якія нічога не умеюць рабіць, ды не робяць нават таго, што могуць як людзі.
Бальшавікі таму не любяць працавітых людзей, што яны сумленныя, разумныя і смелыя – мугуць супрацьстаяць гультаям-п’яніцам і навалачы, таму знішчаюць іх, а дабро прысвойваюць сабе або прапіваюць з хаўруснікамі.

Мама называла Сталіна людаедам, анціхрыстам, супастатам, і ў кожнае бальшавіцкае свята прасіла Бога, каб хутчэй забраў яго ў пекла – каб збавіў людзей ад вырадка-нелюдзя і яго людаедскай хеўры.
Калі я вучыў паэму, прысвечаную Сталіну ў сувязі з яго 70-годдзем, -- “Хай смутак вачэй тваіх добрых не росіць…”, -- мама сказала мне і сястры:
“Дзеці, каб гэтае праклятае імя я больш не чула ў нашай хаце. Лепей хай настаўнікі паставяць вам двойкі па чытанню, чым вы будзеце ў нашай хаце называць імя людаеда-анціхрыста…”

Цёмная калгасніца з адукацыяй “дзве зімы” вучыла свайго сына-школьніка:
“Калі б Сталін і бальшавікі самі не былі людаедамі, да нас і Гітлер людаед не прыйшоў бы. Бальшаікі знішчылі людзей больш, чым іх загінула ў вайну. Ды знішчылі самых разумных, чэсных і працавітых – засталіся такія ж лайдакі, хлусы-махляры ды зладзеі, як самі бальшавікі…”

Сын цёмнай калгасніцы вывучыўся “на інжынера”, стаў журналістам і даследаваў некалькі знакавых падзей у гісторыі краіны і прыйшоў да высновы: уся гісторыя СССР і асобныя падзеі – Абсалютная Хлусня, гэта значыць сборнік ЛЕГЕНД. Таму арганізатары і творцы гісторыі – легендарныя героі. А натуральна – бандыты і нелюдзі-людаеды.

Прадмова ДРУГАЯ
Пасля вызвалення нас Чырвонай арміяй райкам партыі назначыў старшынёй калгаса нашага суседа Мартына Аляшкевіча, якога ведалі па яго брату Максіму, удзельніку Грамадзянскай вайны, арганізатару калгасаў, які працаваў загадчыкам сельгасаддзеда ў райвыканкаме. (Імёны-фаміліі сяльчан змененыя, акрамя нашай радні.)
Перад прыходам немцаў Максім Аляшкевіч разам з усімі райкамаўцамі і астатнімі камуністамі ўцёк у лес – схаваўся ад немцаў і засцярогся ад помсты дзяцей раскулачаных ім сялян. Загінуў ён выпадкова: аднойчы прыйшоў у райцэнтр праведаць жонку і дзяцей ды трапіў, як казалі, у “сваю пастку”: у той дзень і вечар немцы праводзілі аблаву з-за дыверсіі, учыненай капыльскімі бандзітамі. Хаця Максім быў камандзірам, мабыць, аперацыю выконваў іншы атрад, пра што ён не ведаў. Немцы растралялі яго за сялом.

У 1947 годзе стала вядома, што сын Мартына Волесь, якога ў 44-м немцы забралі з сабою разам з іншымі хлопцамі, не загінуў, а ўцёк ад немцаў і здаўся чырвонаармейцам каля Гродна. Здаўся ва ўніформе Waffen-SS. Ніхто не стаў разбірацца, што, як і чаму: “четвертак з гаком” і -- на Калыму.
Пасля такой весткі райкам партыі зняў Мартына з пасады старшыні калгаса і паставіў франтавіка Гаўрыльчыка з суседняй вёскі, гада з гадаў і сволач са свалачэй. Яго так і звалі ў вёсцы: Сволач Гаўрыльчык. Таму я не ведаю яго імя -- толькі фамілію.
А Мартына назначылі брыгадзірам у нашай брыгадзе.
Позняй восенню 1949 года здарылася падзея, якая літаральна ўскалыхнула ўвесь невялікі раён: трох мужчын з нашай вёскі арыштавала энкавэдэ за спробу прадаць воз зерня. Не мяшок – воз!
Загадчык магазіна Мінкін у суседнім вялікім сяле папрасіў загадчыка нашага магазіна Мацвея Караваева знайсці ў вёсцы людзей, якія ўкрадуць воз зерня, -- воз! – і прывязуць яму: ён добра заплаціць.
Караваеў ведаў ад знаёмых, што ў Мінкіна ёсць ў Мінску хаўруснікі-зладзеі, праз якіх ён прадае сельпоўскія прадукты і тавары і крадзенае ў калгасе збожжа. Але не насцярожыўся.

Не насцярожыўся, бо Мацвей Караваеў не тутэйшы: ішоў з фронта дамоў і застаўся ў прымах у дзяўчыны з нашай вёскі. (Такіх прымакоў было трое ў вёсцы.) Таму не ведаў – і ведаць не мог! – галоўнага: Мінкін уваходзіць у банду зладзеяў, якую кантралюе райкам партыі і аддзел НКВД, учарашнія партызаны-рабаўнікі і п’яніцы – капыльскія бандзіты.
Караваеў, як усе вясковыя франтавікі, любіў выпіць. Брыгадзір Мартын -- таксама. Вось Мацвей і падгаварыў Мартына і яго дваюраднага брата Васіля Бараноўскага, які працаваў старшым конюхам, украсці воз зерня. Менавіта – воз! Але і браты не насцярожыліся: чаму – воз? І загатовілі ажно сем мяшкоў жыта, ячменю, аўса і грэчкі – па заказу.

Перад зімою, калі зямля ўжо добра прамерзла, -- каню лягчэй цягнуць цяжкі воз, -- у цёмную ноч Мартын з Васілём паклалі на воз мяшкі з зернем, запрэглі самага лепшага, “выязнога” каня і павезлі ў суседняе сяло, за пяць кіламетраў. Мацвей Караваеў далучыўся да іх за вёскаю, на скрыжаванні.
Усю дарогу ішлі побач з возам, каб конь не стаміўся, ба назад трэба ехаць шпарка. Ноч цёмная, трэба пільна глядзець на дарогу -- ехалі каля дзвух гадзін.
Ехалі па той дарозе, па якой у час нямецкай акупацыі прыязджалі да нас капыльскія бандзіты. Яны і былі сапраўднымі акупантамі-рабаўнікамі -- забіралі ўсё, што маглі забраць, здзекваліся з людзей, білі, а асабліва “упартых” выводзілі з хаты і імітавалі растрэл каля сцяны. Яны застрэлілі нават сабаку ў старога Яўхіма – каб не папярэджваў сяльчан, што па дарозе у напрамку сяла едуць чужыя людзі.
Ехалі нашы зладзеі, не падазраючы, што там іх чакаюць -- капыльскі бандзіт з міліцыянтам.
Адчынілі вароты і заехалі на двор хаты, у якой жыў Мінкін.
Караваеў пастукаў у акно -- выйшаў Мінкін і запрасіў у хату. Лямпу не запаліў, каб не прыцягваць увагу выпадковых прахожых і сельскіх вартаўнікоў. Сказаў гасцям-зладзеям пачакаць: грошы вялікія, таму ляжаць у схованцы ў хляве, ён зараз прынясе.
Але пайшоў не ў хлеў, а за ўчастковым міліцыянтам, які спецыяльна начаваў у суседняй хаце. Яны ціха ўвайшлі ў сенцы, запалілі лямпу, якая загадзя стаяла на стале, і як толькі Мінкін адчыніў дзверы, міліцыянт ускочыў у хату і наставіў на зладзеяў пісталет:
“Встать! Ни с места! Спиной ко мне!..”
Мінкін разбудзіў двух суседзяў і ад імя ўчастковага загадаў прыйсці да яго: зладзеям звязалі рукі.

Мартына і Васіля судзіў “выязны суд” -- у школе нашай вёскі. Паказальны – папярэджанне ўсім.
Хаця я быў малы, 14 гадоў, але мама ўзяла з сабою. І сёння памятую нейкія дэталі, асабліва суддзю: стары мужчына, амаль лысы, гаварыў громка і грозна, паглядаючы то на паперку, то на калгаснікаў, якія, напужаныя, сядзелі моўчкі за партамі.
Помню дакладна нават яго фамілію: Фарбер.
Брыгадзіру Мартыну і конюху Васілю прысудзілі па 20 гадоў, загадчыку магазіна Мацвею -- дзесяць.
Пасля смерці Сталіна, летам 1953 года, яны вярнуліся дамоў. Помню і гэты момант, бо хата Мартына – насупраць нашай наіскасок. Пазней, калі я ўжо вучыўся ў інстытуце і прыязджаў на канікулы, ён расказаў мне адзін цікавы момант са свайго лагернага жыцця.
Мацвей Караваеў – прышлы, навалач, яго радні ў вёсцы не было, таму з’ехаў у Літву і адтуль дапамагаў жонцы гадаваць дачку: прысылаў грошы і падарункі.

Так скончылася ў нашай вёсцы ўлада Мартына і яго дваюраднага брата Васіля.
Хаця па сутнасці ніякай іхняй улады не было: яны кралі ў меру, два-тры мяшкі калгаснага збожжа за год -- дадатак да ўраджаю са сваіх сотак, для курэй і аднаго-двух кабанчыкаў.
Што тычыцца апошняй кражы…

Гэтая кража стала самай-самай важнай падзеяй у раёне. І хутка пайшла гаворка, што яна арганізаваная кіраўнікамі раёна з мэтаю ВЫГАРАДЗІЦЬ, рэабілітаваць свайго стаўленніка-злодзея перад аднасельчанамі -- каб злодзей ПАКАЗАЎ ім – і кіраўнікам-начальнікам! -- сваю чэснасць і прынцыповасць: ён не злодзей, як пра яго думаюць і кажуць, а чэсны чалавек.

Ніхто не паверыў у чэснасць Мінкіна, а наадварот, усім стала ўвачавідкі: змова банды. Але пасля суда над нашымі зладзеямі злодзей-бандыт Мінкін знік не толькі з сяла, а і з раёна: яго бачылі ў Бабруйску, які ў той час быў абласным цэнтрам.
Па сённешняму погляду, улада Мартына і Васіля – курам на смех: пазней у калгасах кралі столькі, што ў суседнім, калісці самым багатым у раёне, раскралі ўсё. А нядаўна скралі нават апошніх восем ці дзесяць кароў, якіх трымалі, каб прадаваць малако калгаснікам -- засталіся толькі руіны жывёлагадоўчай фермы.

Сон мамы: “Улада Сталіна скора скончыцца – людаед неўзабаве памрэ…”
Якая сувязь паміж уладаю вясковых зладзеяў і смерцю Сталіна?

У той дзень я і сястра не пайшлі ў школу: была нядзеля, 1 сакавіка.
Мама напякла блінцоў, мы з сястрой селі за стол, а дзед з мамаю памаліліся перад абразамі.
Мама кажа:
“Дзеці, я бачыла харошы сон: улада Сталіна скора скончыцца -- людаед неўзабаве памрэ, здохне гэты люты звер і для нас наступіць лепшае жыццё…”
Дзед Міхаль быў глухі: каб ён пачуў, трэба было амаль крычаць яму ў вуха. Але ён зразумеў, што мама сказала нам нешта асаблівае, і запытаў – што? Мама махнула рукой:
“Ай, нічога асаблівага, усё добра…”

Паснедалі. “Пайду да бабы Аўдолі, раскажу ёй, -- сказала мама. – Хай і яна парадуецца добрай навіне…”
Я пайшоў з мамаю.
Перад зімою сям’я бабы Аўдолі, -- яна з дзедам Якавам і цётка Гелька, -- перасяліліся ў новую хату, пабудаваную на пляцы насупраць старой.
Дзеда Якава не было ў хаце: ён нешта рабіў у старой хаце ці ў хляве.

“Сёння бачыла сон, -- кажа мама, -- На дзвярах амбулаторыі вісела вялікая фатаграфія, усёроўна, як тыя, што да выбараў прыколваюць кнопкамі. А на ёй – наш Мартын і Сталін стаялі побач. І абодва – без шапак. Без верха. Мартын даўно не верхаводзіць, не будзе кіраваць і Сталін – зраўняецца з Мартынам: або сам неўзабаве памрэ, або яго заб’юць хаўруснікі – забярэ Бог людаеда-анціхрыста і збавіць людзей ад страху і мучэнняў…”

Баба Аўдоля сядзела на лаўцы. На стале перад ёй -- чугунок з бульбаю і міскі з гуркамі і капустаю. Цётка Гелька стаяла каля печы і секла секачом звараную бульбу; у печы грэлася вада для запарвання сечкі для каровы. Як прыдзе дзед Якаў, пакормяць карову, парася і курэй сядуць снедаць.
Мама села на скамейку ад дзвярэй.
Баба Аўдоля ўзяла бульбу з чыгунка і глядзіць на маму з сумненнем:
“Мо, ты, Надзя, памыляешся: гэта быў не Мартын, а нехта іншы?..”
“Што вы, мама, хіба ж я Мартына не пазнаю? А калі і хто іншы, то ўсёроўна Сталін быў без шапкі: скончыцца яго ўлада – здохне людаед, вот памяніце маё слова.”
Мабыць, баба Аўдоля пагадзілася, бо папярэдзіла мяне:
“Унучак, барані Бог, не расказвай пра гэта хлопцам, бо, калі хто данясе на нас, то людаеды з энкавэдэ забяруць усіх – загінем ані за што…”
Нікаму з хлопцаў я нічога не расказваў – толькі сам прыслухоўваўся да размоў: пра хваробу ці смерць Сталіна ні ў вёсцы, ні ў школе нават напаміну не было.

IMG_0826.RV1_.jpg

Настаўніцы плакалі…
Наш, 9-ты клас, вучыўся ў першую змену – у “заходняй палавіне”, а ва “усходняй”, як і раней – 8А. Насупраць нас, у “другім малым класе” – дзесяты: там было ўсяго шаснаццаць вучняў.
На першы ўрок нечакана прыйшоў выкладчык рускай мовы Мікалай Андрэявіч Бяліцкі, наш класны кіраўнік, хаця яго урок быў апошнім. Мы былі незадаволеныя перастаноўкаю урокаў, бо перад урокам нічога не паўтарылі, не праглядзелі -- “зубрылі формулы” да ўрока хіміі.

Мікалай Андрэявіч, заўсёды строгі, на гэты раз быў і хмурным. Калі мы селі, ён аглядзеў клас ад першых парт да апошніх, хаця так ніколі не рабіў, -- парты стаялі ў два рады, яго агляд быў заметным, – і ціха сказаў, што “нашу страну и всё прогрессивное человечество постигло большое горе – умер товарищ Сталин”. Помню дакладна толькі гэтую частку з яго паведамлення, а як ён называў Сталіна, не засталося ў памяці.
Як скончыў гаварыць, паказаў нам рукою ўстаць – мы падняліся і стаялі моўчкі.
“Все идите на траурный митинг в восьмой класс,” – сказаў Мікалай Андрэявіч.

“Восьмой класс” ужо быў запоўнены: там засталіся свае вучні, да іх прыйшоў дзесяты клас і ўсе настаўнікі з першай змены. Таму мы ледзь уціснуліся.
Вучням пятых і шостага-А класаў, якія вучыліся ў першым корпусе, настаўнікі паведамілі пра смерць Сталіна і адпусцілі дамоў.
Усе настаўніцы і піянерважатая плакалі.
Выступілі дырэктар школы Арцюшкевіч П.Я. і настаўніца нямецкай мовы Смольская А.М. Але яна так плакала, што амаль нічога не сказала. І нас адпусцілі дамоў.

Дзяўчата пайшлі дамоў хутка, а Аляксей Хлебка, Лёня Ясковіч і я ішлі паціху -- размаўлялі пра тое, што адбылося ўчора і сёння.
Мама Лёні – настаўніца пачатковых класаў, яго бацька быў палітруком танкавай роты, у 1941 годзе служыў у Слуцку ці ў Асіповічах. Лёня гаварыў пра Сталіна тое ж, што і яго мама-настаўніца: Сталін – любімы правадыр і бацька ўсіх народаў. І вот мы асірацелі: ШТО будзе з намі і краінаю?
Мама Алёшы – калгасніца; бацька ў 1941 выйшаў з акружэння паміж Бабруйскам і Старымі Дарогамі, працаваў дома, хаваўся ад партызан-бандзітаў, бо маглі растраляць. Іхнюю хату бандыты чысцілі амаль кожную ноч. У 1944-м бацьку забралі на фронт і ён загінуў недзе ў Польшчы.
Алёша – з 33-га года, ён вучыўся ў 10-м класе, а разважаў так, як яго мама: Сталін – злы і дурны, злыдзень-кат. Таму Алёша лічыць так: добра, што ён памёр -- усім будзе лепей.

Я таксама разважаў так, як мая мама і баба Аўдоля: Сталін – рабаўнік сялян і людаед.
Лёня маладзейшы за мяне на год, за Алёшу -- на тры, хаця кніжак ён чытаў болей, чым мы, -- у іх было шмат сваіх кніжак, -- але вучыўся горш, ды пісаў з памылкамі. Ён злаваўся на нас з Алёшам.
А я кажу Лёню:
“Чаго ты злуешся? Твая мама працуе настаўніцаю ў школе і атрымлівае грошы, а нашы мамы працуюць у калгасе за “голы працадзень”: як жа нам жыць? Твая мама атрымлівае пенсію на дзяцей 800 рублёў, а нашы мамы – 57: хіба гэта – дапамога? Але мы на цябе не злуёмся. Чаму ж ты злуешся на нас?”
Так разважаючы ішлі са школы дамоў -- чытыры кіламетры.
Размаўляючы з Алёшам і Лёням, я ў думках вяртаўся школу на мітынг: ЧАМУ настаўніцы плакалі, калі мая мама і баба Аўдоля называюць Сталіна анціхрыстам і людаедам? Канешне, яны палучаюць за працу ў школе зарплату: іх сем’і жывуць лепш, дзеці вучацца ў школе. Але большасць хлопцаў і дзяўчат, чые бацькі загінулі на вайне, скончылі ўсяго чатыры класы і пайшлі працаваць у калгас – з 12-ці і 13-ці гадоў. І палучаюць тое ж, што і іх мамы – “голыя працадні”. Праўда, яны могуць прывезці на возе ахапку сена або саломы, а, бывае, замест саломы растрасуць сноп ячменю ці аўса – увесь заробак.

Адзін год, калі мы пайшлі ў сёмы клас, быў добры ўраджай бульбы: нават наша мама зарабіла два вазы. А ў наступным ураджай аказаўся дрэнным: мама зарабіла ўсяго адзін воз, ды і той не аддалі – сказалі, што лішне заплацілі ў мінулым годзе. Бульбу атрымалі на працадні толькі тыя сем’і, у якіх працавалі двое-трое. А налогі на соткі назначылі такія, што хоць адказвайся ад іх: трэба і малако і мяса здаваць, і на заём падпісвацца, і страхоўку плаціць.

Свята ў нашай хаце! Але без пачастункаў…
Мамы ў хаце не было.
Дзед Міхаль запытаў, чаму я так рана вярнуўся са школы? Я сказаў яму на самае вуха:
“Сталін памёр. Нас адпусцілі”.
Дзед не праявіў ні здзіўлення, ні радасці, толькі нейкую заклапочанасць.
“Бач, унучак, неўміручы памёр”, -- сказаў дзед. – Значыць ён не Бог, як лічаць бальшавікі, а адроддзе сатаны – такі ж злыдзень, як усе бальшавікі.”
І маўчыць – думае аб нечым.
“Зміласціўся Бог над намі – забраў сукінага сына, -- кажа дзед і бярэ свой кіёк у качаргешніку. – Але ж у Маскве і тут злыдняў столькі, што на твой век, унучак, хопіць з залішкам. Пайду да Параскі – скажу ёй, бо мо яшчэ не ведае”.
Параска – дачка дзеда Міхаля, жыла каля школы, дзе да вайны быў сельсавет. Дзед хацеў парадаваць не яе, а мужа Максіма, які з 1937 года працаваў у шахце падТулаю. У 1948-м ён вярнуўся дамоў, але працаваць не мог, бо быў сляпы. Мабыць, таму яго і адпусцілі дамоў.

Я выйшаў з хаты за дзедам, а мама стаіць на двары – пра нешта думае.
Раніцаю яна пайшла на працу – вазіць гной з кароўніка, але потым брыгадзір сказаў, што памёр Сталін і адпусціў усіх дамоў. Яна пайшла да мамы і бацькі, каб парадаваць іх: на радасці размаўлялі доўга.
А мне кажа:
“Трэба было б булкі ўчыніць на заўтра: свята для людзей. Але ж ужо пост наступіў... Хай у нас будзе свята без пачастункаў. Усёроўна -- свята: ад людаеда Бог пазбавіў…”

(Аповед з цыкла "Хай свяціцца імя тваё, Мама!")

Ответить

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
14 + 2 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.
������ ���� Diablo 4 ������ ���� ������� ����� ������ ���� ���������-������ ������ ���� Minecraft ������ ���� Assassin's Creed ������ ���� COD 2 ������������ � ���� � ������� ������� ������� �������� ����-������� ������� � ������� ������� ���� � ������� ������������ ������ ���� GTA 5 ���� 4 The SimsOnline � Minecraft 2 Assassins creed �� ������� COD 2 ������ Need For Speed 6 Grand theft auto london Gta unlimited ��� 5 Sims 4 ����������� �������