У канцы пляца*, каля гумнішча**, рос высокі клён. Вясною дзед Міхаль, бацькаў бацька, свярліў дзірачку ў клёне, устаўляў драўляную трубку, падбіваў яе малатком – капаў сок. Гэта ж ён рабіў і з бярозамі, якія раслі каля хаты ад вуліцы. Кляновы сок быў вельмі салодкі! Але цёк нядоўга –
чатыры-пяць дзён.
Я пахваліўся бабулі Аўдолі, што піў салодкі кляновы сок. А яна кажа: “Унучак, не пі кляновы сок, бо ад яго зубы папорцяцца, будуць балець”. Бабуля Аўдоля – капыльская, магчыма, на бытавым узроўні ў той мясцовасці, дзя яна вырасла, было меркаванне, што кляновы сок непрыгодны для чалавека. Мінула шэсцьдзеся гадоў, але мне не давялося прачытаць меркаванне навукоўцаў. А вось гарэлку “на кленовом соку” казённай вытворчасці каштаваў: прыемная і цікавая…
У кюветах дарог у зямлі шмат яду, асабліва свінца. Але кожны год бачу: людзі збіраюць там ягады і грыбы. Астанаўліваўся і далікатна тлумачыў, што ягады-грыбы пры дарозе – ядавітыя. Адны казалі “дзякуй” і ішлі ў лес, другія, паслухаўшы “нейкага дзеда”, махалі рукой: “А-а, дробязь, дрэвы ўсё забралі...”
Бачу: хлапчукі з долатам і малатком дзяўбуць клён пры дарозе і прыладжваюць латок і слоік, каб соку назбіраць. “Сюжэт” знаёмы: на дарозе Жодзіна-Смалявічы дзеці кожны год падсякаюць і сверляць бярозы. А ўлетку і ўвосень не толькі дзеці, а і дарослыя збіралі ягады і грыбы на палях фільтрацыі: ні разу ніхто не прыслухаўся да майго тлумачэння...
Дастаў з сумкі фотапарат, падыйшоў да хлапчукоў, зрабіў здымак і тлумачу, што ў дрэвах пры дарозе сок ядавіты ад дыму машын, яго нельга піць. Звярнуўся да аднаго з хлопцаў:
“Чаму ты, перш, чым ісці за сокам, не спытаў у бацькі – ён сказаў бы табе тое ж, што і я? І не дазволіў бы рабіць гэта...”
“А у меня нет папы”, -- адказаў хлопчык.
Я ажно схамянуўся... А другі кажа:
“Моя мама больная, ей сказали пить кленовый сок. Она попросила меня принести…”
Божа мой!.. Пот – ад галавы да ног, хаця маёй віны быццам і няма.
Паклаў фотаапарат у сумку:
“Хлопчык, ты ўсё ж скажы маме, што нейкі стары і сляпы дзед казаў, што гэты сок ядавіты, -- каб не піла яго. І хай спытае ў доктара: ён ведае больш за мяне...”
“Зберажы, Божа, нашых дзяцей...” І іх мам.
...................................
* Пляц – частка сядзібы ад хлява да поля (сад і прысядзібны агарод). Калі частка агарода была і насупраць сядзібы, праз вуліцу, яна таксама называлася пляцам.
* * Гумнішча – месца на пляцы, дзе калісці стаяла гумно.
Гэтыя тэрміны былі ў лексіконе жыхароў Капыльскага раёна і на захад ад Слуцка да пачатку новага этапу русіфікацыі Беларусі з 1954 года.
Комментарии
Отправить комментарий