“Времён минувших анекдоты…”

“Кто твой отец?” “Сталин”.
“Кто твоя мать?” “Родина”
“А кем ты хочешь быть?” “Сиротой”.
Анекдот

Анекдоты про ШтирлицаУ эпіграфе намеранна прапушчаныя надзвычай важныя дэталі, бо менавіта пра іх – і дзеля іх! – павядзецца гаворка далей.

Прадмова

Але не “от Ромула до наших дней”, а ад Сталіна -- самыя цікавыя, самыя зубаскальныя, нават эксклюзіўныя. Усе – так званыя антисоветские. Большасць такіх анекдотаў не антысавецкія, а наадварот – выключна савецкія, можна казаць, генетычна савецкія. Калі б савецкія вождзі не былі нехрысцямі і нелюдзямі, невукамі і жульём-п’яніцамі, а хаця б элементарна сумленнымі, элементарна чэснымі, элементарна адукаванымі і элементарна чалавечнымі людзьмі, то такіх анекдотаў было б мала. А калі б вождзі яшчэ і разумна ўспрыўмалі іх ды адэкватна дзейнічалі, то анекдоты паяўляліся б выключна як рэакцыя на канкрэтную недарэчнасць, грубую памылку вождзя або ўлады ўвогуле – як бывае ва ўсім свеце.

Анекдоты – барометр-і-тэрмометр грамадства: яны характэрызуюць ціск улады на людзей і тэмпературу, якая ўзнікае ў грамадстве ад рэакцыі на яе дурнату. Мяркую, у грамадства ёсць пада-бенства з паравым катлом: перагрэлі, ціск вышэй нарматыву -- адкрываецца клапан: карыкатуры, анекдоты, зубаскальныя мянушкі. У машыніста паравой турбіны -- рэакцыя прафесіянальная: ён памяньшае падачу паліва ў печ. Калі кіраўнік грамадства прафесіянал ды чэсны чалавек, ён рэа-гуе на карыкатуры і анекдоты па адпаведнай схеме. А вот у невука-махляра, у марыянеткі бандытаў і пса гэтай банды рэакцыя пса: гр-р-р -- “уничтожить!”, “запретить!”, “посадить!”, “сгноить!”

Што было -- тое было: амаль кожны дзень -- новы анекдот. У некаторых інстытутах * стала правілам прыходзіць на працу за 20 хвілін, а то і на поў-гадзіны раней, каб расказаць-паслухаць анекдоты. Нават і ўмова была: не паўтараць “учарашнія”. Панядзелак, “пасля ўчарашняга” -- цяжкі дзень для творчай, удумлівай працы. Па гэтай прычыне ён быў амаль афіцыйным днём анекдотаў у Савецкім Саюзе. Адзін, пазней два выхадныя дні -- паездкі да родных і сяброў, госці, сустрэчы-знаёмствы, вяселлі, провады, памінкі – усюды застолле і новыя людзі. А дзе застоле – там цікавыя размовы і... анекдоты.

У панядзелак курылкі былі перапоўненыя, а начальнікі падазрона паглядалі на супрацоўнікаў, якія часта адлучаліся пакурыць. Сёння ў Беларусі ўявіць такое складана: у курылках – анекдоты! Данясуць адразу ж! А там кантракт не падпішуць. Ды сёння ўвогуле лічыцца дурным тонам або правакацыяй расказваць палітычны анекдот, бо наша палітычна-сацыяльная сістэма – дурней самага зубаскальнага антысавецкага анекдота: каб прыдумаць нешта дурней і смяшней – трэба быць геніем. Таму ўсе анекдоты прымітыўныя – “калькі” савецкіх. Акрамя аднаго, самага кароткага -- з двух слоў і двух знакаў прыпынку. Мабыць, яго занеслі ў знакамітую Кнігу рэкордаў.

А тады... Хто ехаў у камандыроўку, атрымліваў “дадатковае заданне” -- прывезці новы анекдот. А калі ў Маскву на некалькі дзён – два анекдоты. Ды маскоўскія байкі пра крэмлёўскіх старцаў, артыстаў, пісьменнікаў і мастакоў былі не меньш цікавыя, чым анекдоты.

Любая п’янка, нават пусцячная і прымітыўная -- не п’янка без анекдота. А калі кампанія “зборная”, як бывала ў камандыроўцы, тады галоўны змест размовы – анекдоты і байкі-навіны. Як ні дзіўна, ніхто не баяўся, што на яго “настучат”: давер быў абсалютны. А вось у “дамашніх” курылках і п’янках неабходна было быць асцярожным: хто хацеў расказаць анекдот у курылцы, не толькі азіраў прысутных, а і жэстамі запытваў, хто пайшоў “на ачко”.

Пра асцярожнасць ведаю не з чужых слоў: у 1973 годзе, калі выключалі з КПСС як антисоветчика, -- я ім не быў і быць не мог! – мне напомнілі сёе-тое з таго, пра што я вёў размовы не толькі ў курылцы, а і з канкрэтнымі(!) асобамі конфідэнцыяльна. Правакары? Увы… На партыйным сходзе яны сядзелі амаль побач са мною. У афіцыйнай даведцы пра мае анекдоты партыйныя вождзі і іх памагатыя напісалі агульна, але ёмка: “Искажает историю КПСС и Советского государства..., распространяет слухи, порочащие советскую власть и её руководителей…”. Як і што я ні сказаў бы, але ізуродаваць-перавярнуць гісторыю болей, чым зрабілі бальшавікі-людаеды, немагчыма. А што тычыцца “слухов, порочащих… руководителей”, то абгадзіць іх болей, чым яны самі сябе абгадзілі, таксама наўрад ці магчыма. І краіну давялі да такога абсурда і маразма, якім абсурднымі былі самі.

У 1986 годзе КГБэшны палкоўнік пераказаў мне амаль слова-у-слова некалькі дэталяў з маёй размовы з Б-ам і В-ім. Яны былі не правакатарамі -- “докладывали куда следует” або пісалі афі-цыйныя даносы, каб паказаць, што не яны вінаватыя ў паломках узла і машыны, а этот антисо-ветчик: “он отвлекает внимание -- мешает думать, работать”. Вось якім подлым прыёмам дзейнічалі, каб заставацца на пасадах, якім не адпавядалі.

Увы, гэта не анекдот-пра-анекдоты – рэальная праўда жыцця, “праўда факта”: было.

Помню з першага курса інстытута папярэджанне старэйшых таварышаў: “У кожнай акадэмічнай групе ёсць “стукач”. Ён называецца інфарматарам. На факультэтскім курсе – некалькі”.
Аглядаюся ў тое далёкае студэнцтва: не заўважаў нагляду і даносаў, хаця анекдоты расказваў. Ды не толькі анекдоты: у нашай комнаце і ў іншых вяліся адкрытыя размовы пра партызан і пра калгасы. Мы выпісвалі чатыры газеты, -- нават “Литературную газету”! – таму да нас заходзілі студэнты і з другіх груп. Але па палітычнаму матыву нікога з хлопцаў курса ў дэканат не вызывалі. Памыліліся старэйшыя таварышы? Не! Яны паступілі ў інстытут і вучыліся пры Сталіне, а мы ў 1954 годзе пераступілі парог БПІ. Слежкі і даносы аднавіліся пасля 1965 года – калі стала ўвачавідкі: праз 20 гадоў пераможцы аказаліся разгромленымі немцамі, італьянцамі, фінамі і “прочими шведами” у барацьбе за эканамічнае, тэхнічнае і сацыяльнае развіццё сваіх краін, за дабрабыт насельніцтва.

Анекдотаў было незлічона! І амаль кожны падпадае под статью як антысавецкі, нават такія, якія прынята лічыць пошлымі. У 1990 годзе, калі ў нас з’явіліся першыя кампутары і прынтэры, знатакі палічылі анекдоты, запісалі на дыскеты, раздрукавалі. Разумеецца, не ўсе, а самыя-самыя – атрымалася ТЫСЯЧА і АДЗІН анекдот.

Шкада, прачытаць усё не ўдалося: начальнікі ўважліва прыглядаліся да кампутараў і прыслухоў-валіся да скрыпу прынтэраў, потым загадалі пачысціць “компы”, забаранілі аставацца пасля працы. І пастаянна правяралі, правяралі… Сёння той зборнік – рарытэт.

Было некалькі цыклаў анекдотаў. Усе цікавыя!..
Напамінаю самыя папулярныя: “Армянское радио”, “Еврейские анекдоты”, “Про Василия Ивановича”, “Про чукчу”, “Про Вовочку”. Цыкл “Про Штирлица” з’явіўся, мабыць, крыху раней, чым “Про Вовочку” -- пасля самага папулярнага фільма “застойнага часу”. Але калі гэты цыкл ацэньваць не толькі па ўзроўню анты-савецкага зубаскальства, а і па, так бы мовіць, інтэлекту, то ён дастойны аўтара рамана “Сем-надцать мгновений весны”. Хто чытаў раман, зразумее мой рэверанс Юліану Семёнову. І, мяркую, здагадаецца пра намёк: хто глядзеў фільм, не чытаўшы раман, многае не ўбачыў і не зразумеў. Фільм – прыгожая прапагандыстская легенда пра КГБ, а раман, хаця і напісаны па ініцыятыве Андропова Ю.В., пад кантролем яго службы і пад рэдакцыяй “Главлита”, усё ж ён у большай ступені пра савецкую сістэму, чым пра нацыстскую.

Што такое анекдот? Сёння нават школьнік першага класа можа расказаць некалькі “прыколаў”. Мы (па ўзросту) пачулі іх значна пазней, бо да вайны людзей “садзілі” за частушкі “пра калгас”, нават за слова “энкавэдэ”, калі было выкарыстана “неправільна”. І нават за так званыя “рэвалю-цыйныя” песні: “Без хлеба, без грошай працуй...” Перш, чым вымавіць слова “энкавэдэ”, людзі азіраліся. Тое ж -- “партызаны” і “камуністы”, бо ў нашай мясцовасці яны былі раўназначныя слову “бандыты”, “людаеды”, “нелюдзі”. Хто памятае, калі пачуў першы анекдот? Я памятаю!.

Першы анекдот, пачуты мною, быў антысавецкім. У 1949 годзе.

Крыху – з біяграфіі і геаграфіі.
У першы клас мы пайшлі ў 1944 годзе – адначасова дзеці трох узростаў: 1935-га, 1936-га і 1937-га гадоў нараджэння. Сярод нас былі і дзеці 1934-га і нават 1933 года.
Чатыры класы я скончыў у сваёй вёсцы Мусічы б. Грэскага раёна (сёння – Слуцкі раён Мінскай вобласці), а ў пяты клас пайшоў у вёску Дзюдзеў, чатыры кіламетры ад нашай. Шаноўныя чытачы, не паляніцеся разгарнуць карту Мінскай вобласці, калі ёсць: я хачу “раставіць кропкі над і” – па справядлівасці! -- у адным важным і гістарычна цікавым антысавецкім анекдоце, а карта дапаможа вам лепей зразумець маё апавяданне.

Рэчка Лакнея (з 1950 года – асушальная канава) пачынаецца недзе з балота паміж вёскамі Сунаі і Падлужжа-Труханавічы Капыльскага раёна і цячэ прама на поўдзень; за вёскаю Падліпцы злучаецца з рачулкаю Ужанкаю, таксама ператворанаю ў канаву, і за Слуцкам ўпадае ў раку Случ. На правым беразе Лакнеі, там, дзе яе перасякае дарога Грэск-Грозаў-Капыль, месціцца вёска Ка-нюхі. Насупраць яе, праз раку – вёска Жукі, а далей, па цячэнні на высокім левым беразе – б. пасёлак Птушыныя Горы (б. панскі маёнтак) і мая вёска Мусічы.

Вёска Канюхі несправядліва абыйдзена даследчыкамі літаратуры і гісторыі. Таму напомню. Тут нарадзіўся наш знакаміты журналіст і пісьменнік Алесь Адамовіч. За вёскаю у напрамку Грозава быў расквартыраваны 20-ы кавалерыйскі полк 4-й кавалерыйскай дывізіі. Далей, паміж вёскамі Канюхі і Міхалёўцы, паабапал дарогі, быў кавалерыйскі палігон; па паўднёваму баку міма вёскі Грывень праходзіла вузкакалейная чыгунка Слуцк-Канюхі. У 1933-36 гадах 4-й кавалерыйскай дывізіяй камандаваў будучы маршал Жукаў Г.К., аб чым ён апавядае ў мемурах (“Воспоминания и размышления”, Издательство «АПН», Москва, 1969). Пасля вайны кавалерыйскі полк не вярнуўся на месца даваеннай дыслакацыі, таму салдатскія казармы і штабныя памяшканні былі выкарыстаныя пад Дзіцячы Дом.

Вернемся ў Дзюдзеўскую сярэднюю школу.
1949 год. Тры пятыя класы па 33-36 вучняў. Наш 5Б клас -- дзеці з вёсак Клешаў**, Леткаўшчына, Мусічы і пасёлка Маяк***. Класным кіраўніком была настаўніца матэматыкі Завадская Марыя Іванаўна. Да сустрэчы ў школе ніхто з нас не быў знаёмы з дзецьмі іншых вёсак, таму знаёміцца было цікава і прыемна. Па кожнаму прадмету – настаўнік. Таксама цікава! Пазнаёміўшыся, на пераменках распавядалі адзін другому пра тое, што адбылося важнае ў нашай вёсцы, пра цікавыя падзеі і здарэнні, пра што чыталі ў кніжцы. Цікавага і камічнага па погляду дзяцей было дастаткова.

Усе дзеці -- шустрыя, шумныя, непаседлівыя. Былі і вельмі шустрыя, здатныя на выдумкі-пакасці, але мала здатныя на вучобу, хаця шмат ведалі такога, пра што астатнія даведаюцца праз пяць, а то і дзесяць гадоў. Такіх было шмат ў 5В класе, які занімаўся ў суседнім памяшканні -- праз дашчатую сцяну ад нас. Там дзеці пастаянна шумелі, настаўніцы крычалі, але іх крык ледзь прарываўся праз смех дзяцей. Мы пераглядваліся паміж сабою: дурната нейкая. Але і ў тым класе былі вучні спакойныя, разважлівыя, дапытлівыя, дурната да іх не прыставала, хаця таго-сяго яны нахваталіся. Такім быў Валодзя Корзун з Маяка.

Валодзя добра маляваў. І мой дваюрадны брат Андрэй таксама. Яны пазнаёміліся ў першыя дні. А я і Андрэй сядзелі за адной партай, таму і я ведаў Валодзю з першых дзён у новай школе.
Аднойчы пасля фізкультуры, гэта было ў кастрычніку, да мяне падыйшоў Валодзя і спытаў патаемна:
-- Хочаш, я раскажу табе анекдот?
Яго старэйшы брат Віктар, з 33-га года, вучыўся ў тым жа класе, пра яго казалі, што ходзіць на вячоркі да дзяўчат, таму я падумаў, што Валодзя хоча расказаць нешта такое пра Віцю.
-- Раскажы, -- адказаў я.
-- Ты ведаеш, што ў Канюхах ёсць дзіцячы дом? – спытаў Валодзя.
-- Ведаю. А – што? – здзівіўся я.
-- Вот там класная настаўніца, як Марыя Іванаўна ў вас, пытае ў дзетдомаўца: “Хто твой отец?”. А детдомавец адказвае: “Сталін”. “А хто твая мать, пытае ў яго настаўніца?” “Родзіна”, -- адказвае дзетдомавец. “Скажы, а кім ты хочаш быць?” “Сіратою”, – сказаў дзетдомавец”. Ну, ты зразумеў, пра што гэта? – спытаў у мяне Валодзя.
-- Зразумеў, -- я заківаў галавою.
-- Толькі не расказвай Лёню, бо яго мама – настаўніца, яна прыдзе ў нашу школу і раскажа дырэктару -- нас вызавуць і будуць ушчуваць, -- папярэдзіў Валодзя.
Вярнуўшыся са школы, я расказаў маме. Мама была жанчынай смелаю – Сталіна і бальшавікоў-камуністаў называла злыднямі, супастатамі, людаедамі і, разумеецца, антыхрыстамі. А тут яна напужалася:
-- Сыночак, ты ж нікаму не расказвай, ды ўвогуле не кажы, што ведаеш анекдот, бо хлопцы выпытаюць і раскажуць у школе -- бяда будзе не толькі нам, а і ўсім настаўнікам.

Праз сорак і пяцьдзесят гадоў, у “Перестройку” і ў 90-я, анекдот друкаваўся з паметай як “латышскі”, “літоўскі” і нават “венгерскі”. Мяркую, гэта несправядліва ў адносінах да нас і нашай мясцовасці: ён КАНЮХОЎСКІ -- ад назвы вёскі Канюхі б. Грэскага раёна, дзе размяшчаўся Дзіцячы Дом. Ён і сёння там ёсць, у былым “ваенным гарадку” кавалерыйскага палка. Несправядліва -- бо я ўпершыню пачуў яго ў кастрычніку 1949 года ў Дэюдзеўскай сярэдняй школе: не мог ён дайсці да нас за чатыры пасляваенныя гады ні з Літвы, ні з Латвіі. А з Венгрыі – падаўна. Магчымы іншы варыянт з’яўлення анекдота ў нашай мясцовасці. Ён -- даваенны, а ў Канюхах ці паблізу аказаўся чалавек, які ведаў яго, можа, сам -- дзетдомавец. Вось ад яго канюхоўцы і пачулі, а ад іх -- уся акруга і мы, дзеці.

Каб болей глыбока зразумець анекдот, неабходна звярнуць увагу на дзве дэталі, звязаныя паміж сабою непарыўна – Сталин-отец і Родина-мать. (Пісаць трэба па-руску, а не па вымаўленню, бо не будзе ўспрыймацца.) У пасляваеннай Беларусі ўсё сельскае насельніцтва размаўляла па-беларуску. Франтавікі, якія былі прызваныя ў армію да вайны, і тыя, каго забралі на фронт у 1941 годзе, вярнуўшыся дамоў, спачатку размаўлялі па-руску, але хутка “перавучваліся” на беларускую мову. “Перавучыліся” і хлопцы, прызваныя ў 1944 годзе, а дэмабілізаваныя ў 1948-50 гадах. Але ніхто не гаварыў “Сталін-бацька” і “Радзіма-маці”, нават настаўнікі, хаця яны былі занадта ідэйнымі. Спалучэнне “Сталін-бацька” не сустракалася і ў газетах. “Радзіма-маці” заўважалася, але ўспрыймалася як ненатуральнае нават дзяцьмі -- было чужым, прыдуманым.

Гэтая рэмарка – каб і ўскосна пацвердзіць аўтарскае права нашай вёскі Канюхі на анекдот. У Беларусі і Расіі ён актуальны і сёння, хаця мінула 60 гадоў: колькасць дзіцячых дамоў і дзяцей у іх не паменьшылася. Гэтая статыстыка сведчыць, што адносіны ўлады да людзей і іх дзяцей не змяніліся: як былі цынічна людаедскімі -- такімі і застаюцца…

Азірацца-успамінаць далёкае дзяцінства, басаногае, галоднае і халоднае, нават сёння страшна, бо яно было і поўнае смяротных небяспечнасцяў ваеннага і пасляваеннага часу. Але не сказаць пра іх немагчыма: мы, “дзеці вайны”, і сёння адчуваем непарыўную сувязь з імі. Толькі апавядаць пра дзяцінства неабходна не так, як пісалі і яшчэ пішуць писатели Белоруссии, а з погляду Эрыха Марыя Рэмарка, Эрнеста Хемінгуэя і Васіля Быкава – паказваць вайну ўвогуле як злачынства, і не перакладваць віну толькі на нямецкіх акупантаў, бо страшней і крывавей, чым бальшавікі-акупанты ў сваёй краіне, акупантаў не было. І няма.

Літаратура – гэта мастацтва, погляд, мараль. Літаратура з “праўдай факта” – журналістыка-публіцыстыка.

..........................................
* Маецца на ўвазе любая ўстанова
** Пераіменованая ў Клешево, хаця пастановы СМ БССР пра гэта не было.
*** Бальшавіцкая камуна ў 1925-30 гадах на базе панскага маёнтка. Расфармаваная пры арганізацыі калгасаў.

Комментарии

>Сёння ў Беларусі ўявіць

>Сёння ў Беларусі ўявіць такое складана: у курылках – анекдоты! Данясуць адразу ж! А там кантракт не падпішуць.

ну...
гэта ўсё ж перабольшанне.
расказваюць анекдоты паўсюль, і пра прэзідэнта з кампаніяй таксама.
у тым ліку ў дзяржаўных установах :)

Отправить комментарий

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 1 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.
������ ���� Diablo 4 ������ ���� ������� ����� ������ ���� ���������-������ ������ ���� Minecraft ������ ���� Assassin's Creed ������ ���� COD 2 ������������ � ���� � ������� ������� ������� �������� ����-������� ������� � ������� ������� ���� � ������� ������������ ������ ���� GTA 5 ���� 4 The SimsOnline � Minecraft 2 Assassins creed �� ������� COD 2 ������ Need For Speed 6 Grand theft auto london Gta unlimited ��� 5 Sims 4 ����������� �������