Ответить на комментарий

Зоя Качаноўская "Мінскі марафон я бег у кабінеце міліцыі..."

Зоя КАЧАНОЎСКАЯ

“МІНСКІ МАРАФОН Я БЕГ У КАБІНЕЦЕ МІЛІЦЫІ…”

З Андрэем Караленкам я пазнаёміналя праз Internet – па яго інтэрв’ю газеце “Салідарнасць” з нагоды паказа па расійскаму TV-НТВ дакументальнага фільма “Убить реформатора!”, у якім ён выступае як галоўны эксперт па прычынах аўтамабільнай аварыі, у якой загінуў першы сакратар ЦК КПБ Герой Савецкага Саюза Машэраў П.М.
Мы сустракаліся некалькі разоў, ужо надрукаваныя ў Internet дзве бяседы, я рыхтавалася да трэцяй і чацвёртай… Ён пагадзіўся сустрэцца і, са свайго боку, прапанаваў 12 верасня ў Мінску на марафоне: пасля фінішу абмяркуем канкрэтна дэталі бясед і даты сустрэч. Але я спазнілася на старт, -- пробкі, праверкі, паркоўкі занятыя, – а на фінішы не дачакалася яго. Што магло здарыцца? Ён казаў, што свабодна бяжыць пятнаццаць кіламетраў, а тут жа ўсяго “дзесятка”? Чаму -- усяго? Мабыць жа, ён ведае, чаму. Баялася думаць пра горшае… Пачала распытваць, -- знешнасць яго запамінальная, -- і пачула нешта неверагоднае: Андрэя Паўлавіча арыштавалі на старце і некуды адвялі. У 18 гадзін патэлефанавала яму дамоў – дамашнія ў роспачы: яшчэ не вярнуўся. А ён жа інвалід па зроку, адзін нікуды не ездзіць. Яго сябры вярнуліся і паведамілі, што на фініш ён не прыбег, яны чакалі яго да 15 гадзін – не дачакаліся, паехалі дамоў без яго.
А вечарам жонка Андрэя Паўлавіча сказала, што ён вярнуўся позна і адразу ж – на цягнік, на Маскоўскі марафон.

У панядзелак,14 верасня, як ён вярнуўся з Масквы, дамовіліся пра сустрэчу ў сераду. Але раніцаю ў сераду ён сказаў што хворы: у Цэнтральным РАУС, куды яго адвезлі і пратрымалі да адвячорка, прастудзіўся, ды сур’ёзна.
“А як жа хворы бег у Маскве?”-- запытала яго. Адказаў з усмешкаю, што ў яго прастуда вылазіць-праяўляецца толькі праз суткі, а то і двое. Так было і на гэты раз: у Маскве, сказаў, беглася лёгка і прыемна, бег з фотаапаратам, як многія, асабліва грамадзяне Краіны Узыходзячага Сонца: мабыць, кожны – з фота- або відэакамерай. Было цікава назіраць, цікава і прыемна быць на такім свяце бегу. А ў Мінску – як аблава: кругом камуфляж, менты з мінашукальнікамі, машыны для загрузкі людзей -- акупацыйны рэжым.
Дамовіліся сустрэцца 27 верасня на прабегу “Залатая восень”. На гэты раз не спазнілася: там і абмеркавалі магчымыя сустрэчы ў Жодзіне.
Першая – непланавая, пра яго неадбыўшыйся марафон у Мінску ў Дзень горада. Але – “па матывах” яго бяседы з журналістамі мясцовага сайта zhodzina.info: ён так пажадаў, бо тая бяседа была спешная, “па гарачых слядах” ды пасля прастуды.

NB.2.DSCI3111.jpg
З.К.: Андрэй Паўлавіч, усё ж чаму, за што Вас арыштавалі на Мінскім марафоне?
А.К.: Яны сказалі, што не арыштавалі, а задержали. Ды сядзеў я, -- сядзеў ў прамым і пераносным сэнсе, -- у кабінеце. Калі казаць дакладна, то я бег марафон літаральна ў кабінеце следчага. Не верыцца, але менавіта так было.

З.К.: Цікава!.. Але -- за што задержали?
А.К.: Не ведаю: на маё такое ж пытанне мне ніхто нічога не адказаў. Нічога – літаральна: аніводнага слова. Спачатку адвялі ў свой службовы аўтобус, -- вялі надта груба, -- там крыху паздзекваліся-пасмяяліся з мяне і адвезлі ў раённы аддзел міліцыі.

З.К.: Як здзекваліся?
А.К.: Прымітыўнымі, дурнымі, нейкімі ўблюдачнымі шутачкамі – “по образу и подобию”. Няўжо такое нават для журналістаў – навіна? Здзеквацца з людзей – унутраная палітыка дыктатуры.

З.К.: А канкрэтна? Ды па парадку: усё ж, для Вас – падзея нечаканая і непрыемная.
А.К.: Падзея? Здарэнне “дурней не трэба”, тыповае для Беларусі, але, мяркую, дастойнае ўвагі па некалькіх, так мовіць, прызнаках, хаця б таму, што мне амаль 74 гады ды інвалід. Да слова, не першае: у 2001 годзе трое ў камуфляжы, з закрытымі пагонамі, але з рацыяй, схапілі мяне на вуліцы каля станцыі метро Пушкінская і адвялі спачатку ў “комнату міліцыі”, потым вызвалі машыну і адвезлі ў Фрунзенскі РАУС. Чаму, за што схапілі? Западозрылі, што я іду на мітынг. Обыкновенная банда. Ды ў нас усё обыкновенное -- прымітыўнае, як палка, “по подобию” самага-самага обыкновенного… Што тычыцца марафонскай непрыемнасці, то ў нейкім сэнсе яна нават прыемная, бо я ўжо журналіст, хоць самадзейны і правінцыйны, але ж нешта пішу: мне – цікава. Цікава не толькі бачыць на фота, як на плошчы хапаюць беларусаў-антыфашыстаў, але, скажу так, “успомніць маладосць”. А дрэнна тое, што ў тым кабінеце я прастудзіўся…

З.К.: ???
А.К.: Лепей – па парадку. Мінскі марафон прысвечаны Дню горада – калька Маскоўскага, толькі прымітыўная – тыповае шоу з такім жа шоу-суправаджэннем: ментаў было больш, чым фізкультурнікаў разам з балельшчыкамі – “облава на волков” па-Высоцкаму. Але, калі гэта афіцыйны Дзень горада, то я і прыехаў на марафон, каб прабегчы “дзесятку”, а потым падняцца па ступенях да помніка-стэллы і пакласці кветкі – майму бацьку: у 1941 годзе ён абараняў Мінск. Бацька і застаўся там, дзе абараняў. Яго браты – таксама: кветкі і ім. І ўсім Загінуўшым Салдатам: менавіта Загінуўшым Салдатам усе абавязаныя жыццём… Я прывёз букет гладыёлусаў, гэта мае любімыя кветкі, хацеў пастаяць у помніка і ў думках звярнуцца да бацькі -- сказаць: “Бацька, я яшчэ жывы! Жывы, хаця мяне білі, б’юць і будуць біць твае аднапалчане, што вярнуліся дамоў жывымі, а не “пахаронкамі”, іх дзеці і ўнукі. Б’юць і будуць біць, пакуль не загоняць да цябе, да Федара і Міхаля…”

З.К.: А хто такія Федар і Міхаль?
А.К.: Браты бацькі, малодшы і старэйшы…

З.К.: Дык што ж дурное яны ўбачылі ў Вашым жаданні ўшанаваць памяць бацькі і яго братоў такім чынам – прабегчы марафон і ўскласці кветкі да помніка?
А.К.: Для іх дурное ўсё нацыянальнае беларускае, чалавечае і ўвогуле разумнае: яно іх нервіруе так, што ажно бесяцца ад злосці і ненавісці.
Я ўжо крыху вопытны -- дзевяты год бегавога стажу: усе марафонцы надзяваюць на галаву павязкі з тканіны, якая добра ўпітвае вільгаць, каб пот не заліваў вочы, не сцякаў па твару ў рот. У каго павязкі фабрычнай вытворчасці, а ў многіх самадзейныя, рознага колеру – белая, жоўтая або сіняя. А я надзеў белую з чырвонай паласою -- прыгожа. Свята ж, для мяне горкае, але – маё, беларускае, нацыянальнае, неад’емнае. Ды ўвогуле, бег – свята здароў’я. Вось мая павязка і ўзбясіла іх так, што мяне схапілі за рукі два прапаршчыкі і павалаклі некуды. Не цягнулі, але так трымалі і вели, што я ледзь букет не выпусціў з рук. Я прасіў ментаў-прапараў не цягнуць мяне – сам буду ісці. Не! Калі б спаткнуўся, -- я ж амаль сляпы! – павалаклі б, як тых, хто пратэстуе супраць дыктатуры. А як прывялі да аўтобуса, старшы прапаршчык выскаліў зубы:
“Вон там красивая девушка – подарите ей букет. Гы-гы-гы…”
У аўтобусе была маладая жанчына ва ўніформе, падпалкоўнік і яшчэ хтосці. Мяне пасадзілі побач з падпалкоўнікам, прапанавалі выпіць вады.

З.К.: Вы запыталі, за што Вас схапілі?
А.К.: Запытаў? Хоць крычы -- які толк? Старшы прапаршчык сказаў, што мой марафон тут і закончыцца, і скаліў зубы-клыкі – шутачкі-смех@чкі. А падпалкоўнік далікатна сказаў, што не мае дачынення да гэтай аперацыі: хутка прыйдзе начальнік, які камандуе, і ўсё растлумачыць. Хвілін праз пятнаццаць-дваццаць прыйшоў палкоўнік і адразу пытанне-насмешка:
“Цветы-то – для кого? И бежать с цветами хотели, что ли?”
Апошнюю частку пытання вымавіў с такой інтанацыяй, што не было сумневу ў яго меркаванні
пра мяне: ненормальный. Кажу палкоўніку, што спачатку трэба прывітацца і прадставіцца – хто ён.
“Разве не видно, кто я? Если задаю вопрос – нужно отвечать”, -- не груба, не злосна – жорстка, як уладны мент, якому ўсё дазволена.
Спакойна патлумачыў: кветкі для майго бацькі, які ў 1941 годзе абараняў Мінск…
Палкоўнік перабіў мяне:
“Он тоже бэнээфовцем был?”
Мае вочы хворыя, сляпыя, таму схаваныя ад святла і сонца за цёмнымі фільтрамі. Але я ажно вытарашчыўся ад здзіўлення -- стала агідна і балюча. А падпалкоўнік, што побач сядзеў, апусціў галаву: no comments.
Наступнае пытанне:
“Вы с какого года?”
Разумею, гэта – допыт, але ж не пратакольны, таму адказаў, што з 1935-га, не па пашпарту, бо я нарадзіўся на месяц раней, чым запісана, – 14 снежня 1935 года.
“О! Мой отец тоже был с тридцать пятого, он уже умер…”

З.К.: Ваш камент “No comments”-- далікатны: тут бачны інтэлект, логіка, этыка і ўвогуле ўзровень палкоўніка -- “ніжэй плінтуса”…
А.К.: Мы ў маладосці казалі інакш:“люди с пещерным интеллектом”. Жудасна: палкоўнік Ніжэй-Плінтуса “с пещерным интеллектом” вырашае лёс тысяч людзей – па свайму ўзроўню і разуменню дабра і зла. Таму пра закон і размовы быць не можа: як хачу, так і варачу.
Глядзіць на мой стартавы нумар, прышпілены да левай штаніны трусоў:
“А это – что?”
Смяяцца нельга: ён і без гэтага лічыць мяне ненармальным – кажу нейтральна: “Стартавы нумар”.
“А где вы его взяли?”
Уяўляеце маё становішча? Далікатна адказваю, што я яго не ўзяў – мне выдалі нумар.
“Кто?”
Што казаць? Зноў адказваю спакойна і лагодна: “Мне выдала яго судзейская камісія пры рэгістрацыі”.
“Вы откуда?”
“З Жодзіна.”
“От какой организации?”
“Ад сябе”, -- стараюся адказваць раўнадушна-нейтральна: прыдзярэцца – скажа, што “ругался матом”, і пасадзіць на трое сутак.
“Вас не могли зарегистрировать от никого: регистрируют участников только от организаций.”
Тлумачу палкоўніку вельмі-вельмі далікатна: “Нас – пяцёра, прыехалі на машыне самастойна. І ўсе атрымалі стартавыя нумары…”

Палкоўнік адвярнуўся -- стаў пра нешта размаўляць са старшым прапаршчыкам. Мабыць прапаршчык сказаў яму, што прыбыла машына, бо палкоўнік сказаў мне:
“Выходите!”
Выйшаў з аўтобуса – у рукі “свайго” старшага прапаршчыка. Куды я ўцяку, стары і сляпы? А трымаў і вёў да машыны так, быццам я вырываўся. Пасадзілі ў патрульную машыну на задняе сядзенне, з правага боку сеў прапаршчык з аўтаматам, некуды павезлі – па закавулках, месцы незнаёмыя мне…

З.К.: Міліцыянт быў з аўтаматам?..
А.К.: Я таксама здзівіўся і выказаў здзіўленне прапаршчыку. А ён, ужо немалады, аказаўся прыемным і далікатным, падалося, нават саромеўся, што старога і сляпога дзеда ахоўвае з аўтаматам, адказаў, што “так положено”, нават назваў сваю фамілію. А пра маю фамілію сказаў, што яна знакамітая. Я яму кажу, што мая фамілія Караленка, а не Короленко, патлумачыў далікатнасці… Прывезлі ў Цэнтральны РАУС. Гэты прапаршчык не вёў мяне за руку – я сам ішоў, падняўся па прыступках у памяшкане, быццам дыспетчарскую -- “дзяжурка”. Мяне адвялі ў кабінет да маладога следчага, старшага лейтэнанта. Ён запытаў фамілію, імя і імя па бацьку, дату нараджэння і адрас, запісаў у анкету. “Сидите здесь” -- і пайшоў да начальніка-дзяжурнага. Дэталі апускаю, акрамя адной: у далейшым ён звяртаўся да мяне – “Павлович”. Сімпатычны хлопец, далікатны. Вось сказаў Вам так -- стала боязна за хлопца: Вы напішаце – яму будзе зло за тое, што да тэрарыста адносіўся па-людску.
У кабінеце палавіна акна адчынена, мне холадна: я ж голы. А зачыніць не магу: кабінет не мой.

З.К.: Як разумець -- голы?
А.К.: У спартыўных трусах і майцы.

З.К.: А дзе спартыўная сумка з адзеннем і дакументамі?
А.К.: На месцы старта ў палатцы – дзе пераадзяваўся.

З.К.: Вам не дазволілі ўзяць сумку з адзеннем і дакументамі?
А.К.: Я і не пытаў дазволу: адкуль я мог ведаць, што адвозяць на ўвесь дзень? Ведаў палкоўнік Ніжэй-Плінтуса “с пещерным интеллектом”: ён загадаў адвезці. А яму -- што: загнуся – яму заўтра лягчэй будзе. Яго абавязак – здзеквацца з людзей, а не дапамагаць ім. І такую работу ён выбраў сам.

У кабінеце следчага я замёрз! Свабоднае месца – два-на-чатыры крокі: пабег -- крыху сагрэўся. Старшы лейтэнант пачуў шум – прыйшоў. Я папрасіў зачыніць акно -- цяплей стала. Ды не на доўга, таму я зноў пабег па кабінету. Але прывялі цётку, якая гандлявала “в неположенном месте”, і сказалі, як мне: “Сидите здзесь”. А ей дрэнна ад майго бегу, гэта ж зразумела, яна папрасіла не бегаць. А мне холадна! Сказаў пра гэта майму следчаму і дзяжурнаму -- перавялі ў прахадную комнату побач з дзяжурным, на стале дысплей ад кампютэра, крэсла стаіць. Комната крыху большая -- бегаць лепей, можна аджымацца ад стала. Пабегаў, пааджымаўся і стаў прасіць адвезці мяне на старт за адзеннем:
“Вы сами виноваты: надо было взять вещи с собой”.
Папрасіў дазволіць выйсці на сонца, каб пагрэцца, а мне:
“Подождите, выведем”.
Не адвезлі і не дазволілі пагрэцца -- сказалі, што адпусцяць у тры гадзіны. Каб сагрэцца, бягу – пот выступае, а выцерці няма чым: астанаўлюся – холадна. У крэсле цяплей толькі спіне, а ў грудзі і бакі холадна.
Можа, у пяты ці дзесяты раз кажу дзяжурнаму-падпалкоўніку, што я – інвалід, мне холадна -- прастужуся, гэта небяспечна для мяне. А мне:
“Сидите в кресле, оно мягкое, согреетесь”.
Саджуся – холадна. Бягу, аджымаюся, прысядаю – па такому кругу і зноў кажу, што замёрз – прастужуся… А мне тлумачаць:
“Мы вызвали “Скорую помощь”, приедут врачи осмотрят вас и скажут, замёрзли вы или нет. Сюда больше не ходите -- не мешайте работать, сидите там в кресле, ждите врачей”.
Вы зразумелі намёк?

З.К.: Няўжо вызвалі псіхіятраў?
А.К.: Чалавек там меньш, чым ніхто-і-нішто – абсалютнае нішто. Уяўляеце: мяне ў псіхушку! Для маладога -- ўдар нагою ніжэй пояса. А мне – 74 гады. Нават сёння жудасна...
Бегаю, прысядаю, аджымаюся. Увайшлі двое мужчын у нейкай незразумелай уніформе і маладая жанчына. Я адвярнуўся -- хацеў сесці ў крэсла, каб не засмучаць іх, але нехта паклаў мне на плячо руку і ўладна павярнуў да сябе. Менавіта ўладна павярнуў, жэст адчувальны -- нюанс.
“Псіхіятры?” – запытаў ціха, спакойна, без хвалявання і ўсмешкі: смяяцца ў такім становішчы небяспечна. Кажу “без хвалявання” – гэта праўда. Сціснуў зубы, каб не заплакаць ад абіды і ненавісці да дыктатуры ўдлюдкаў -- таму ўдалося.
“Да”, -- адказаў мужчына, які паварочваў мяне.
У жанчыны, -- яна надта прыемная, абаяльная! -- “планшэтка” і ручка. Тлумачыць “рэгламент” абследавання:
“Отвечайте на вопросы коротко, внятно, без пояснений, не отвлекайтесь. Понятно?”
Пытанні штатна-анкетныя, таму супакоіўся яшчэ болей, адказваю ціха, без “акцэнтаў”, нічога не тлумачу, не дабаўляю – як папярэдзілі. Яны пераглядваюцца паміж сабою, пазіраюць на маю галаву з бела-чырвонай павязкай.
“Понятно”, -- кажа адзін.
Нечакана жанчына выйшла за дзверы – я ажно схамянуўся, але секунд праз дзесяць вярнулася. Калі ўваходзіла ў комнату, я заўважыў, што яна перакладвала анкету. Здагадаўся: чытала дадатковыя пытанні, напісаныя зараней на лісту, які ляжаў пад анкетаю. Важная дэталь! Таму слухаю доктара ўважліва і пільна назіраю за ёй і санітрамі: яны ж маіх вачэй не бачаць за светафільтрамі.

З.К.: Як Вы адчувалі сябе? Гэта ж цынічны здзек, катаванне.
А.К.: У нас з 1917 года інакш не бывае. З дзяцінства ведаю ад мамы: у нас улада нелюдзяў-людаедаў. Я іх бачыў: капыльскія бандзіты білі маму шомпаламі, стралялі ў хаце – патрабавалі самагонку і сала. Яны называлі сябе партызанамі. Так – з восені 1941 года, тры гады амаль кожную ноч. З 1962 года ведаю ад кіеўляніна Вадзіма Задарожнага: у нас – дыктатура ўблюдкаў. Бацька Вадзіма загінуў пад Севастопалем, мама ўтапілася, ратуючы сына. А над выжыўшым Вадзімам здзекваліся ў дзетдоме і ў арміі. Мяркую, таму ён быў катэгарычным…

Не стану прыкідвацца-храбрыцца: баяўся. Але быў спакойны: нічога не зменіш. Калі забяруць з сабою – там могуць пакалечыць, могуць і забіць. Разумеў: нейкі ўблюдак-людаед паставіў задачу раздавить мяне, -- хіба аднаго мяне? -- каб да канца жыцця ведаў, што знаходжуся ў падвале НКВД. Але я спадзяваўся на чэснасць дактароў. Наіўна? Глядзеў на доктара: маладая, абаяльная жанчына – няўжо вынясе смяротны прыгавор здароваму чалавеку ды ні ў чым не віноўнаму?

Першае дадатковае пытанне насцярожыла: доктар запытала, ці бывае са мною так, быццам голас аднекуль зверху, як з неба, нешта кажа мне, настаўляе ці заве да сябе? Слухаў уважліва і адказаў коратка: “Такога са мною не здаралася раней і не заўважаю сёння”. Але ж трэба, каб доктар паверыла, што не здаралася раней – ад гэтага залежыць мой лёс.
Другое пытанне – пра сон: як сплю – добра, дрэнна, ці хутка засынаю, якія бачу сны? Тут адчуў палёгку: пытанне шырокае. Таму адказаў яшчэ спакойней ды крыху шырэй: сплю нармальна, засынаю хутка, асабліва, калі стомлены. Калі прабягу пятнаццаць кіламетраў, то бывае, прылягу на гадзіну-другую. А бяссонніцы не заўважаю. Ад такога свайго адказу адчуў упэўненасць -- пра сны сказаў нават смела, літаральна вось так: “Дзіця маё, вы бачыце, што я ўжо стары. Дзесяць гадоў таму пайшла ад мяне мама. Мне вельмі яе нехапае: я хачу ўбачыць маму ва сне. Хаця б убачыць, а не паразмаўляць. Але за дзесяць гадоў яна ні разу не прыснілася. Ды ўвогуле, кажу вам шчыра, сноў я не бачу. А калі яны здараюцца, то, праснуўшыся, помню туманна”.
Санітары здзіўлена пераглянуліся паміж сабою, а доктар засмуцілася: я ж звярнуўся да яе на сваём лексіконе – “дзіця маё”. Атрымалася так таму, што я адчуў нейкую свабоду гаварыць – так я размаўляю з дочкамі, а доктар зусім маладая, не болей трыццаці гадоў. Глядзіць на мяне так, быццам задумалася, хоча сказаць нешта важнае -- задае трэцяе пытанне.
Слухайце ўважліва, калі будзе магчыма, то выдзеліце шрыфтам, бо яно самае цікавае: гэта – дыягназ улады і грамадства ўвогуле:
“Вы кому-небудь говорили, что хотите подарить эти цветы нашему президенту?”

Прызнаюся: я абрадаваўся -- “момант ісціны”!!! Палкоўнік Ніжэй-Плінтуса “с пещерным интеллектом” не толькі вызваў да мяне псіхіятраў, а і прадыктаваў ім пытанне на ўзроўні ўблюдка-правакатара. А ён – у-ла-да… Вось і мяркуйце, хто і што ёсць наша ўлада. Адказаў карэктна і коратка:
“Кветкі вашаму прэзідэнту? Упасі мяне Бог!..”
Псіхіятры зноў пераглянуліся паміж сабою, зноў позірк на маю галаву, на мяне ўвогуле: я ж уважліва назіраю за імі.
“Всё понятно”, -- сказаў адзін санітар. І пайшлі.
А я стаю, разгулены, абяссілены – сеў у крэсла, каб не ўпасці: нагрузка была большаю, чым на поў-марафоне. Думкі рояцца…
Успомніў 1962 год, Сухумі. Закусачная на пляжы: з Вадзімам Задарожным з Кіева п’ём “Хванчкару”, разважаем. Ён кажа: “У нас – дыктатура ўблюдкаў…”
Вадзім насіў шорты і яму не дазволілі зайсці ў магазін. А чэхам і немцам – можна. Бацька Вадзіма загінуў пад Севастопалем у 1942 годзе... Немцам можна: у нас дыктатура ўблюдкаў.

Што было далей? Карэктна -- тьак: было дурное і разумнае, было добрае і подлае – апускаю ўсё.
Скажу толькі пра адну мерзасць: “откатали пальчики”, відэа і фота з чатырох бакоў. Мерзасць – далікатна, бо калі па сутнасці – “сіндром шызафрэніі”.
Дзяжурны задаволіў просьбу інваліда – загадаў адвезці на станцыю метро Няміга. Адвезлі. Але як! За кратамі ва “уазіку” -- як злачынца-зэка. Ладна. І ў гэтым бачны дыягназ улады: “клініка”.
Адыходзячы з міліцыі, я шчыра падзякаваў дзяжурнаму-падпалкоўніку за важную для мяне, інваліда, дапамогу. І за тое, што не білі. Ён здзівіўся:
“А почему вы подумали, что вас будут бить?”

З.К.: Няўжо ён не ведае – чаму?
А.К.: Можа таму здзівіўся, што ён адносіўся да мяне далікатна, праўда, пагрэцца на сонцы не дазволіў. Я не сказаў яму, чаму так падумаў, – у нас жа інакш не бывае, -- усміхнуўся і пайшоў.
У той дзень, як і на працягу ўжо пацідзесяці гадоў, зноў і зноў задаю пытанне: ЗА ШТО ЗАГІНУЎ МОЙ БАЦЬКА? За ЯКУЮ свабоду? За свабоду здзеквацца з яго сына і рабаваць яго? Задаю – бо інакш яшчэ не было з восені 1941 года, як да нас прыйшлі капыльскія бандзіты і запатрабавалі ад мамы самагонку і сала…
Надрукуйце, калі ласка, фотакопіі вось гэтых дакументаў.
RV.07.01н.Дак.1.NB_.jpg
RV.07.01н.Дак.2.NB_.jpg
Андрэй Паўлавіч паказаў дакументы і дадаў:
“Старэйшы брат бацькі быў жанаты, дакумент у яго сына”.

З.К.: Асабліва ўражвае “Свидетельсво” да медаля “За оборону Москвы”... Тое, што Вам не дазволілі пакласці кветкі да помніка, – цынізм і подласць.
А.К.: Зато помнік людаеду Сталіну ўстанавілі. І другі – палачу Дзержынскаму, у акадэміі МВД. Чаго ж нам чакаць ад тых акадэмікаў і ад спецыялістаў-ад-палача?.. Яны пацяшаліся з мяне, што хачу ўшанаваць памяць бацькі, яго братоў і ўсіх Загінуўшых Салдат, нават намякалі на нейкага іншага “бацьку”: і над сваім смяюцца...
А як прывезлі да станцыі метро Няміга, было ўжо позна. Ды я адзін нікуды не хаджу нават дома – толькі ў межах “дом-пошта, банк, магазін”. На агарод еду з жонкаю. А тут прышлося аднаму ехаць на чыгуначную станцыю, садзіцца ў электрычку: не заблудзіўся. А ў жонкі чуць не здарыўся другі інфаркт: ніхто ж з жодзінцаў не бачыў, як мяне схапілі. Яны заўважылі нешта неладнае -- не дачакаліся мяне на фінішы. А вярнуўшыся ў Жодзіна, пазванілі жонцы: “Не прыбег да фініша”…
Жонка ж ведае: у аўторак я прабег 15 кіламетраў, у чацвер – пяць, бо больш нельга. Ды я прайшоў медагляд па рэгламенту, а бегаю акуратна: мне цікава на такіх спаборніцтвах. Вы ж бачылі гэтых людзей, мужчын і жанчын: энергічныя, вясёлыя -- цікавыя. Многа маладых, ёсць дзеці, якіх я ведаю, і яны мяне ведаюць: я люблю дзяцей, мне прыемна з імі сустракацца. Ды я заўсёды з фотаапаратам і блакнотам…

З.К.: Вы сказал ім, што жонка хворая?
А.К. Не мог не сказаць: гэта – наша агульная турбота і трывога, мы па аднаму нават на агарод не едзем, толькі ў крайнім выпадку. Хаця маё пасведчанне інваліда засталося ў сумцы, і без “паперкі” бачна, што я сляпы. Але ж начальнік-дзяжурны – падпалкоўнік, а загад яму даў палкоўнік Ніжэй-Плінтуса “с пещерным интеллектом”, якому напляваць на мяне, на ўсіх нас. Яны “на свабодзе” нас за людзей не лічаць, а там, у іх калідорах, мы на ўзроўні чужых дроў для чужой печкі: намокнуць і згніюць – праблемы гэтых дроў і гаспадара чужой хаты. Мы – чужыя ў сваім доме: беларусы ў Беларусі – у зоне акупацыі. Я кажу далікатна, бо абвінавацяць, што “ругался матом” – як Алеся Марачкіна. І забяруць з хаты. Было, хаця крыху інакш. Могуць паўтарыць: тых злачынцаў з міліцыі не выгналі – толькі пазбавілі прэміі…

З.К.: Няўжо магчыма такое, каб міліцыянтаў хоць як пакаралі за здзек з чалавека?
А.К.: Па-першае, гэта было ў 1993 годзе. Па-другое, я быў дэпутатам гарсавета і памочнікам дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, аднаго з тых, якіх потым білі ў Вярхоўным Савеце. І трэцяя абставіна: я паскардзіўся генералу, які, будучы палкоўнікам, прысутнічаў на нашых паседжаннях, і мяне асабіста ведаў: мы размаўлялі па надта далікатных пытаннях дзейнасці мясцовай міліцыі. А калі б сёння, то тым насільнікам выдалі б дадатковую прэмію: яны здзекваліся з мяне па загаду начальніка...

З.К.: Трымайцеся! Жадаю прыемнага бегу. А дзе будзе наступны марафон?
А.К.: Дзякуй! У Маларыце, каля Брэста. Потым -- у "Сілічах". Блізка. Прыязджайце...

Ответить

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
8 + 6 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.
������ ���� Diablo 4 ������ ���� ������� ����� ������ ���� ���������-������ ������ ���� Minecraft ������ ���� Assassin's Creed ������ ���� COD 2 ������������ � ���� � ������� ������� ������� �������� ����-������� ������� � ������� ������� ���� � ������� ������������ ������ ���� GTA 5 ���� 4 The SimsOnline � Minecraft 2 Assassins creed �� ������� COD 2 ������ Need For Speed 6 Grand theft auto london Gta unlimited ��� 5 Sims 4 ����������� �������