Андрэй Караленка
ЗАЎТРА -- у ШКОЛУ!..
ЗАЎТРА -- у ШКОЛУ пачынаецца пасля 15 жнівеня, бо дні ўжо не ІДУЦЬ, а МІЛЬГАЮЦЬ адзін за другім – і наступае 31 жнівеня: ЗАЎТРА -- у ШКОЛУ!..
Але гэты дзень не мільгане – ён будзе доўгім і поўным клопатаў-турботаў у школьнікаў і іх бацькоў.
Першыя субота і нядзеля пасля 15 жнівеня – пачатак суматошнай падрыхтоўкі да 1 верасня, хаця ўсе сем’і пачалі паціху рыхтавацца загадзя. Сёлета да звычайнай суматохі дабавілася і шалёная інфляцыя. Ды прагноз несуцяшальны: будзе яшчэ горш.
Людзі ў роспачы: куды – горш, калі ўсё падаражала ў 2,5 – 3 разы? Магазіны поўныя людзей – бяруць тое, што спатрэбіцца праз год-два-пяць, а то і пазней. Або ніколі. Халадзільнікаў няма даўно – толькі канапы і сталы стаяць.
Куды горш – калі ад ИДЕОЛОГИИ такі смурод, што дыхаць немагчыма: жывём, як у свінушніку.
Куды горш – калі не толькі пратэставаць супраць хлусні і здзеку немагчыма, а і МАЎЧАЦЬ ЗАБАРАНЯЕЦЦА: вылюдкі-нелюдзі хапаюць людзей на вуліцах і валакуць(!) у СИЗО і суд.
Куды горш – калі стаяць на плошчы і хадзіць па вуліцы групаю забараняецца: змова супраць улады. А змова ўлады – супраць каго? Гэта ж змова супраць Людзей.
Куды горш – калі для хлопчыка сына-Колі перабудавалі санаторый пад школу, а ў школах для ДЗЯЦЕЙ ЛЮДЗЕЙ Беларусі няма нават нармальнай раздзявалкі пры спортзале? А некаторых школах -- нават гарадскіх! -- і спортзалы няма. (Але Ў НАС ёсць “Минск-Арена”!)
Куды горш – калі для маршала сына-Колі арганізаваны ваенны парад, -- во пацеха дзіцяці-камандарму!!! -- а ўдава Загінуўшага Салдата 63 гады жыве ў бараку, які 20 гадоў таму прызнаны непрыгодным для жылля. 63 гады – у гнілым бараку 1930 года!!! У ім жа, на 16 квадратных метрах, выгадавала дзяцей. Малодшага сына ўжо і пахавала… За ШТО ж загінуў яе муж, бацька дзяцей? За ЯКУЮ свабоду і для КАГО?..
Куды горш…
Куды ж горш – ТУПІК. Таму нават маўчаць пра ГЭТА забараняецца.
ЗАЎТРА ў ШКОЛУ -- мне цікава паглядзець на КВЕТКІ на БАЗАРЫ: да 1 верасня іх заўсёды многа, букеты прыгожыя.
Вельмі шкадую, што не магу быць тут доўга: прывязуць і прынясуць яшчэ болей кветак, але на “дсд” праца неадкладная, а воблакі на небе “папярэджваюць”: набліжаецца дождж, ды, можа, на некалькі дзён.
Еду на “дсд”. (“Дсд” – “дурная савецкая дача”.) За Калюжкамі насустрач – жанчына на веласіпедзе, на багажніку – вялікая карзіна з гладыёлусамі! О-о-о!.. Налічыў восем букетаў, усе абвязаныя сеткамі. Засмучоны і заклапочаны, што не сфатаграфаваў гэтую жанчыну, еду далей.
Насустрач, -- і насустрач руху транспарту, -- ідзе жанчына з хлопчыкам гадоў сем-восем. У правай руцэ жанчыны -- цёмна чырвоныя гладыёлусы! Пяць кветак, звязаныя сінім шпагатам – букет да 1 верасня. Якая прыгажосць!!!
Астанавіўся і папрасіў жанчыну сфатаграфаваць яе і хлопчыка з гладыёлусамі.
“Нет, не надо! Не хочу! Не надо…”
Не зразумеў. Ну, што ж -- такое невязенне.(?)
Таму сфатаграфаваў гладыёлусы ў сваім саду: ГЛАДЫЁЛУСЫ – мая любоў і сімвал.
Адну кветку зрэзаў. Ваза ў нас вялікая -- не спалучаецца з адной кветкай і кампутарам, таму ў якасці вазы выкарыстаў бутылку з-пад французскага віна “Coeur du Breuil”, якое падарыла мне дачка да 75-годдзя.
ЗАЎТРА – у ШКОЛУ... Пайду ў сярэднюю школу №7, пераіменаваную ў гімназію №1.
Чаму ў ГЭТУЮ школу, а не ў “сваю”, Шостую, з якой звязаны непарыўна ў трох пакаленнях?
Роздум–адказ будзе крыху пазней у фотарэпартажы з лінейкі ў гімназіі №1.
Комментарии
Отправить комментарий